ЧАСО́ВЫ КАМІТЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ДУ́МЫ 1917, Часовы камітэт членаў Дзяржаўнай думы,

часовы орган улады ў Расіі ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Створаны 27.2(12.3).1917 у Петраградзе дэпутатамі большасці фракцый 4-й Дзяржаўнай думы. Старшыня — акцябрыст М.У.Радзянка. Камітэт абвясціў, што бярэ на сябе кіраванне краінай, накіраваў сваіх камісараў у міністэрствы, стварыў ваен., харч. і інш. камісіі. 1(14).3.1917 яго прызналі дэ-факта ўрады Вялікабрытаніі і Францыі. Камітэт накіраваў да імператара Мікалая II сваіх прадстаўнікоў А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна, якія схілілі яго адрачыся ад прастола на карысць брата Міхаіла (таксама адмовіўся ад улады); 2(15).3.1917 па дамоўленасці з кіраўніцтвам Петраградскага савета стварыў Часовы ўрад, куды ўключыў многіх сваіх членаў. У далейшым дзейнічаў як прадстаўнічы орган Думы, ліквідаваны пасля яе афіц. роспуску [6(19).9.1917].

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)